Як ActiveCloud дапамог развiццю платформы жывой беларускай мовы SAY.BY

Як ActiveCloud дапамог развiццю платформы жывой беларускай мовы SAY.BY

28.09.2022


Ужыванне беларускай мовы штодня пашыраецца: адкрываюцца новыя месцы, нараджаюцца новыя стартапы, многія кампаніі задумваюцца пра тое, як перайсці на беларускую мову поўнасцю або забяспечыць камунікацыю на мове кліента.

_activecloud-mova-699.png

Для гэтага быў распачаты праект SAY.BY – платформа падтрымкі жывой беларускай мовы, якая складаецца з аднайменнага сайта і мабільнага дадатку “Мова прафесіі”. Сайт дазваляе карыстальнікам адшукаць не толькі беларускамоўныя месцы побач, але і атрымаць “зніжку за мову” на розныя тавары і паслугі. Дадатак “Мова прафесіі” распрацаваны спецыяльна для арганізацый з розных сфер, каб супрацоўнікі маглі трэніраваць беларускае маўленне і атрымліваць сертыфікаты валодання беларускай мовай.

Праект такога масштабу вымагаў значных вылічальных магутнасцей і адпаведнай ІТ-інфраструктуры, бо неабходна дзесьці  размяшчаць распрацаванае спецылістамі SAY.BY праграмнае забяспячэнне. Таксама сур'ёзнага "жалеза" патрабавалі сістэмы штучнага інтэлекту, напрыклад, тэхналогія распазнавання маўлення.

У лютым 2021 года пачалося супрацоўніцтва SAY.BY з воблачным правайдарам ActiveClоud.

Уладальнікі праекта даўно шукалі партнёраў, якія б хацелі працаваць і пашыраць ужыванне беларускай мовы ў сваёй кампаніі. У ActiveCloud з пашанай ставяцца да роднай мовы, таму бакі хутка дамовіліся пра супрацоўніцтва: воблачны правайдар прапанаваў падтрымаць праект вылічальнымі магутнасцямі, сваёй інфраструктурай і дапамог вырашыць усе тэхнічныя пытанні, якія ўзніклі на той момант.

Як рэалізоўваўся праект?

Першапачаткова стаяла задача стварыць праграмнае забяспячэнне для распазнавання маўлення. Прадстаўнікі SAY.BY падтрымлівалі сувязь з беларускімі навукоўцамі, якія даўно займаліся гэтай праблемай. Праца акадэмікаў грунтавалася толькі на 70 гадзінах беларускага маўлення, агучанага некалькімі дыктарамі. Для рэалізацыі задуманага праекта патрабавалася  сабраць значна больш галасоў беларусаў: мінімум 300, а пажадана каля 1000. Па магчымасці трэба было зафіксаваць як мага больш дыктараў розных узростаў і з розных мясцін. Чым больш галасоў мы маем, тым дакладней будуць працаваць тэхналогіі.

І дзеля гэтага быў запушчаны адмысловы праект — donar.by, беларуская галіна сусветна вядомага праекта Mozilla Common Voice.

Donar.by — цэлая пляцоўка для тых, хто жадае ахвяраваць свой голас і такім чынам паўдзельнічаць у адраджэнні беларускай мовы. Акрамя таго, гэта яшчэ і аб'яднаны профіль донараў роднай мовы.

Размяшчэнне дадзенага праекта таксама адбываецца на воблачных магутнасцях ActiveCloud. Сэрвіс donar.by патрабаваў захоўвання вялікай колькасці медыяфайлаў — галасоў людзей. Для вырашэння гэтай задачы правайдар прапанаваў паслугу ActiveStorage — воблачнае аб’ектнае сховішча, якое дазваляе эканомна захоўваць дадзеныя без абмежавання па аб’ёме і плаціць только за занятае месца.

Беларускія СМІ і беларусы з імпэтам падхапілі ініцыятыву з агучваннем. На дадзены момант SAY.BY мае 1300 гадзін беларускага маўлення, а гэта тысячы ўнікальных беларускіх галасоў! Для даведкі: у самай вядомай ініцыятыве па зборы галасоў Common Voice наша мова займае ажно 5 месца! Беларусы даўно абышлі суседнія мовы - рускую і польскую, а нядаўна абагналі і нямецкую мову!

Вынікі на сёння і планы на будучыню

SAY.BY сёння — гэта сайт-партал, які аб’ядноўвае беларускія бізнесы, donar.by як пляцоўку для збору і апрацоўкі галасоў, мабільны дадатак “Мова прафесіі” для трэніроўкі і пацверджання валодання беларускай мовай у сваёй сферы дзейнасці.

Усё гэта стала магчымым дзякуючы воблачным тэхналогіям. На сёння ActiveCloud забяспечвае надзейную працу воблачнага хостынгу праграмнага абсталявання па:

- зборы галасоў беларусаў на donar.by, стабільна працуючы ў пікі нагрузак пасля публікацый у СМІ і прасоўвання новага марафону;

- распазнаванні маўлення ў мабільным дадатку mova.pro (“Мова прафесіі”) з магчымасцю самастойнага маштабавання без прыцягнення дадатковых рэсурсаў;

- пошуку прадпрыемстваў, дзе ёсць падтрымка беларускай мовы - say.by і наяўнасць сертыфікатаў валодання мовай.

Воблачныя тэхналогіі зрабілі магчымым кампанаванне запісаных вершаў па раёнах "на ляту" і іх прайграванне, а захоўваць сотні тысячаў агучанах сказаў дазваляе надзейнае воблачнае сховішча ActiveStorage (аналаг AWS S3).

Праект SAY.BY пастаянна развіваецца. Зараз у планах скончыць сёлетні Марафон агучвання і чэлендж "Мова твайго раёна", адкрыць некаторыя дадатковыя магчымасці да іншых праектаў і арганізацый. Магчыма, будзе створаны асобны сэрвіс распазнавання маўлення, а таксама запусціцца так званы TTS (text-to-speach), калі камп’ютар сам загаворыць па-беларуску!

Праект SAY.BY — гэта прыклад таго, як добрую ініцыятыву могуць падтрымаць людзі з розных сфер і напрамкаў дзейнасці.

Уладальнікам бізнесу SAY.BY дае магчымасць выказваць падтрымку роднай мовы, прывабліваць беларускасцю новых кліентаў і ператвараць іх у сталых. А беларусам — магчымасць размаўляць на роднай мове.

Будзьма беларусамі разам!


Вернуться к списку новостей

ОРГАНИЗОВАТЬ ТЕНДЕР
Вы выбрали для тендера
Наверх